Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Проба пера


фото
infantem.net

Усё, працоўны дзень скончаны. Дарога дадому, душ і кава нарэшце змываюць з твару інтэлектуальную ўсмешку і выраз незямнога замілавання да навукі. Навошта была такая міміка? Лягчэй так, чым кожныя пяць хвілін тлумачыць, што ў мяне ўсё добра, нічога не здарылася і нічога не баліць. Бо нічога не добра і баліць усё. Але нашым лабараторным пацучыхам ведаць пра гэта не варта. Я маю на ўвазе парачку непаважаных мной калег – хоць і працую я ў лабараторыі, але не з пацукамі (у біялагічным сэнсе). Я – батанік (можна смяяцца), нашу акуляры і працую над кандыдацкай. Але к чорту песцікі і тычынкі. Зараз я буду плакаць. Доўга-доўга і вельмі горка, і вінаваціць сябе ва ўсіх грахах, а пасля сябе ж шкадаваць. Учора нават хацела паслухаць Таню Буланаву, але неяк утрымалася ў межах прыстойнасці і паставіла віяланчэльны канцэрт.

Так, даражэнькія, ён мяне кінуў. Мой светлавалосы, сінявокі, салодкі хлопчык, прыгожы, нібы Кен, што часам прадаюць у пару да лялькі Барбі. Яго дзейсная натура не вытрымала прагулак па асенніх алеях, наведванняў філармоніі і маёй непрыязнасці да паху тытуню. Можа, трэба было цярпець, прызвычаіцца, палюбіць яго піва, клубняк і пах “Монтэ Карла”, купіць кантактныя лінзы і пафарбавацца ў бландзінку? Можа, можа… толькі ўжо нічога не вернеш. Прайшла любоў, памерзлі хрызантэмы…

У такім кіслым настроі і застала мяне сяброўка Танька. Вось хто быў бы пад пару майму былому! Як заўсёды, у яе галаве кіпеў з дзесятак вар’яцкіх праектаў, якія яна на мяне тут жа і выплюхнула. І адразу стала патрабаваць ад мяне актыўных дзеянняў па іх рэалізацыі. Пакуль я старалася ўсвядоміць, што менавіта я павінна рабіць, куды ісці і, галоўнае, навошта, яна заўважыла мой апухлы ад слёз твар і ўспомніла пра маё горачка.

Бум! Раз-два, гора – не бяда. Танька ўжо валачэ мяне на спатканне! Якраз цяпер, калі ёй верыць, мне трэба пазнаёміцца з нейкім Крысціянам, цудоўным – і нежанатым (!) чалавекам, які імгненна залечыць усе мае сардэчныя раны і і абрыне на мяне акіян незямнога шчасця. З Таняй спрачацца – справа безнадзейная і нават небяспечная. Таму мы прывялі мяне ў больш-менш таварны выгляд і выйшлі на паляванне. Мне тым часам крыху палягчэла і стала амаль цікава, але вочы ўсё яшчэ былі чырвоныя. На гэта Танька махнула рукой, зазначыўшы, што таямнічы Крысціян, як і я, ганаровы акуляраносец.

Па дарозе Таня крыху разагнала туман, дзелячыся фактамі біяграфіі і знешнасці маёй патэнцыяльнай ахвяры. Шатэн, вочы блакітныя (ахх!), сярэдняга росту, без шкодных звычак, але не спартсмен, кватэра-аднапакаёўка, іншамарка, старэйшы за мяне на сем гадоў, паэт, саксафаніст і менеджэр турагенцтва ў адной асобе.

Інстынкт драпежніка ўва мне памалу прачынаўся, і я ўпотай агледзела сябе ў кішэнным люстэрку.

Ага, а вось і той парк, дзе Крысціян любіць бавіць час. Неўзабаве сярод асенніх колераў мы прыкмячаем нешта шатэністае ў лёгкім шэрым плашчыку… ён!

Вокамгненна і прафесіянальна Танька правяла аперацыю “Мы тут з сяброўкай гуляем, а цяпер мне пазванілі, і я вас пакідаю”. Ніхто гэтай нягодніцы не званіў, яна паставіла таймер на тэлефоне, як толькі мы заўважылі нашага (у перспектыве майго) паэта!

Ён і сапраўды ў той дзень складаў верш, які аказаўся надзіва нядрэнным. Яшчэ доўга мы хадзілі па ярка-залатому парку і пілі асалоду паэзіі, сонца і восеньскага гаркаватага паветра. Я шчыра веру, што яму гэтак сама, як і мне, не хацелася развітвацца. Але любы дзень мае канечную даўжыню. Мы дамовіліся аб сустрэчы на наступны дзень і разышліся.

Далей трэба напісаць самым буйным кеглем нейкія выклічнікі, каб адлюстраваць мой стан. Крысціян… адразу ўдакладнім, што ён  - самы празаічны Сяргей, але імя гэта яму не падабаецца, і ўсе знаёмыя называюць яго паэтычным псеўданімам. Пазней я даведалася, што адзін з яго калег, што ўпарта звяртаўся да яго хрышчоным імем, аднойчы знайшоў свой тэлефон са сцёртай адраснай кнігай.

Дык вось, Крысціян (у апраметную Сяргея!) проста зачараваў мяне. Разумны, інтэлігентны і крыху іранічны, чулы, ураўнаважаны, ён здаўся мне анёлам зямным, асабліва ў параўнанні з яго папярэднікам.  Яго вершы мне падабаліся, а яшчэ больш я любіла, калі ён іх сам чытаў. У Крысціяна быў цудоўны, мяккі і нейкі інтымны голас, а я больш люблю слухаць, чым гаварыць. І я зусім не пакрыўдзілася, калі ён прамаўчаў на маю прапанову прачытаць яму мой любімы верш Верлена.

Канечне, мы не толькі займаліся паэзіяй. Мы хадзілі ў парк, і мне вельмі падабалася быць побач, калі Крысціян пісаў чарговы верш, і гэтая прыемнасць не азмрочвалася цыгарэтным дымам. У яго акуратную кватэрку не ўвальваліся бясконцыя сябры, у галовах якіх піва было намнога болей, чым мазгоў. Здаецца, сяброў у яго не было зусім. Нашы вечары часта пачыналіся рамантычнай саксафоннай музыкай у яго выкананні і заканчваліся там, дзе гэта прынята ў дарослых і закаханых людзей. От тут параўнанне было на карысць самца Барбі… опс, я яго яшчэ памятаю? Прэч, даражэнькі, з маіх нябёсаў, буйвалы не лятаюць!

Толькі вось ні ў філармонію, ні ў карцінную галерэю мне майго саксапаэта зацягнуць не ўдалося, і я доўга ламала галаву над тым, чаму яго вытанчаная натура застаецца глухой да выяўленчага мастацтва і публічнай музыкі.

І мы былі шчаслівыя, пакуль я не зразумела, што мяне больш няма. Ёсць толькі ён, яго музыка, яго паэзія, яго лад жыцця. Я з жахам адчула, што Крысціян пакінуў ад мяне толькі абалонку. Вельмі тонка і далікатна мне ўнушалася, што кока-кола і таматны сок – атрута, есці марожанае на вуліцы або цопнуць яблык-дзічку з дрэва – непрыстойна, джынсавая куртка – толькі для падлеткаў, што муза паэта не можа пахнуць So Elixir ад Іў Рашэ (чамусь незалюбіў ён гэты парфум), а мой любімы рэтра-берэцік лепш падарыць бабулі, і гэтак далей да поўнай фільтрацыі асобы.

Мы ніколі не елі, не пілі, не рабілі тое, што яму хоць крыху не падабалася. Ніхто не прымушаў яго, канешне, піць колу, але і мне абрыдла ласавацца марожаным і старанна сканіраваць мясцовасць, каб не наляцець на каханага, узброенага элегантнай герберай і бясконцым запасам мяккіх і тактоўных заўваг аб маіх звычках. А колу і таматны сок я прылаўчылася піць залпам і тут жа перці пустую тару ў смеццепровад – крый божа, вытанчанае стварэнне заўважыць яе ў сметніцы! Добра, газіроўкі – не лепшы выбар, але сок проста яму не падабаўся! Нават выражаць захапленне яго музыкай і паэзіяй лепш было страсным паглядам і высокаадухоўленымі грымасамі, бо пахваліць метафару там, дзе трэба было, па яго меркаванню, пахваліць рыфму, было небяспечна.

Тады ж мне стала зразумела яго нежаданне цягацца са мной па галерэях, музеях і канцэртах. Там прынята захапляцца чужым мастацтвам, а ён прызнаваў толькі сваё. Усё, што існавала па-за межамі яго густу і схільнасцей, не мела права на існаванне – ад вечара арганнай музыкі да хлеба з кменам.

Вы думаеце, нарэшце я не вытрымала і, нахабна папіваючы таматны сок пад гукі шансона, паслала Крысціяна ў эмпірэі разам з Сяргеем? Не. Я не прынцэса і прынца не чакаю. Я ведаю, што ў пары і ў сям’і заўсёды трэба ахвяраваць нейкай часткай сябе, а мы, жанчыны, аддаём лягчэй, чым мужчыны. Магчыма, яго каханне заслугоўвае таго, каб я стала зусім іншай асобай – музай, натхняльніцай і багіняй хатняй гаспадаркі. Я не ведаю. Але калі ў вас ёсць халасты знаёмы, малады, сімпатычны, інтэлігентны бізнесмен, якога не раздражняе класічная музыка і колер цюбікаў “Колгейта”, пазваніце мне!

Если вы хотите принять участие в проекте "Проба пера" и выиграть 2 миллиона белорусских рублей, присылайте нам свои произведения. С условиями участия можно ознакомиться ТУТ

Нужные услуги в нужный момент
-25%
-20%
-10%
-20%
-20%
-10%
-50%
-10%
-20%