22 кастрычніка, а 16 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музее Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя кнігі «Сустрэчы БЕЗ АБЦАСАЎ» журналісткі Надзеі Дрыла.
«Сустрэчы без абцасаў» — кніга пра жанчын і для жанчын (хоць і мужчынам не перашкодзіла б прачытаць яе). Наколькі рэальна жанчыне дасягнуць поспеху адначасова ў прафесіі і сям'і? І пры гэтым не страціць сябе? Падчас сустрэч без абцасаў журналістка даведалася сакрэты, а таксама мары, памкненні і патаемныя перажыванні паспяховых жанчын. «Правілы жыцця» гераінь дапамогуць кожнаму з чытачоў глыбей зазірнуць у сябе, зверыць свае думкі, адчуванні, сумненні, страхі і знайсці ўласны шлях.
Надзея Дрыла з’яўляецца лаўрэатам VІІІ Нацыянальнага конкурса друкаваных СМІ «Залатая літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі», пераможцам рэспубліканскага творчага конкурсу «Залатое пяро» — адзнаку атрымаў аўтарскі творчы праект «Сустрэчы без абцасаў». Надзея Дрыла скончыла Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працуе ў газеце «Звязда» намеснікам галоўнага рэдактара, курыруе творчы праект «Сямейная газета». Яе жыццё — рух і развіццё. Лічыць, што «стаяць на адным месцы» — сумна, нецікава, няправільна. Яе самы вялікі інтарэс — людзі. Пераканана ў тым, што кожная сустрэча для нечага дадзена.
Усіх гасцей вечара чакаюць 24 «правілы жыцця» ад паспяховых жанчын. Сярод запрошаных:
- экс-старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова;
- дырэктар фітнэс-цэнтра «Багіра» Наталля Наважылава;
- старшыня праўлення ГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова;
- дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталля Паспелава;
- галоўны рэдактар глянцавага часопіса Pingouin Ірына Кабасакал;
- кіраўніца партала LADY.TUT.BY Святлана Зэрэ;
- дырэктар цэнтра лазернай карэкцыі зроку «Оптымед» Настасся Унучак;
- экс-дырэктар Белдзяржцырка Таццяна Бандарчук;
- дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая.
Таксама вас чакаюць музычны імправайз ад этна-гурта «Водгук цішыні» і, канешне, сюрпрыз ад Якуба Коласа.
Дрэс код мерапрыемства: без абцасаў.
Сардэчна запрашаем!
Наш адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Тэл.: 284−05−55, 284−17−02
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by