Дарья Трайден / /

Крысціна Бандурына — беларуская паэтка, якая адкрыта піша пра досвед хатняга гвалту, таму што сама перажыла яго ў дзяцiнстве. Мы даведаліся, чаму важна казаць пра праблемы ўголас i што прымушае яе пiсаць вершы на складаныя тэмы.

Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

Даведка:

Выпускніца «Школы маладога пісьменніка», аўтарка паэтычнага зборніку «Homo» (2019). Скончыла філфак ГДУ имя Францыска Скарыны і магістратуру БДУ. Фіналістка конкурса «Экслібрыс» (2014 г.), лаўрэатка прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» (2016 г).

Вершы таксама можна пачытаць у профілі паэткі на Facebook

«Што адчувала мая мама, я не магу нават уявіць»

Тэмы, на якія піша Крысціна, хвалююць яе па асабістых прычынах: яна сама перажыла шматгадовы хатні гвалт. Бацька быў алкаголікам і часта паднімаў руку на жонку і дзяцей. Пакуль Крысціна не паехала вучыцца ў іншы горад, гвалт дома быў часткай яе паўсядзённасці. Пры гэтым сям’я звярталася ў міліцыю, але ім не дапамагалі:

— Адказ на пытанне: «Чаму дапамога не прыйшла?» трэба шукаць сярод тых, хто гэтую дапамогу мусіць аказваць. Дзе былі школа, міліцыя, дарослыя тады, калі дапамога патрэбная была мне, і дзе яны зараз, калі дапамога патрэбная іншым? Бывала, што я нават не магла дазваніцца да мiлiцыi: там проста ніхто не здымаў слухаўку. Бывала, што супрацоўнiкi прыходзілi, але казалi: «Вы ж самі ўсё разумееце». І гэта толькі адзін бок. Другі — агрэсары ўмеюць біць так, каб было незаўважна. Пры гэтым часта пацярпелыя не падаюць на іх заявы (або падаюць, а пасля забіраюць). Для гэтага ёсць свае аб’ектыўныя прычыны: стомленасць, страх і адсутнасць сіл змагацца, пагроза пастаноўкі сям'і на ўлік сацыяльна небяспечнага становішча. Ды матэрыяльныя праблемы ніхто не адмяняў.

«Якім ён быў на самой справе, ведалі толькі мы»

Блізкія людзі таксама не дапамагалі сям'і выйсці з сітуацыі гвалту:

— Сваякі, суседзі і сябры сям'і ведалі пра тое, што адбываецца ў нас дома. У асноўным маўчалі, бо «гэта ўнутраныя справы». Зрэдку казалі: «так нельга», «вазьмі сябе ў рукі». Але гаварылі так толькі пра бацькавы запоі і беспрацоўе, пра гвалт — ніколі. Хавалі вочы, пераводзілі тэму, суседзі за спінамі пляткарылі. Для сваіх сяброў мой бацька быў «сапраўдным мужыком», а яны для яго — найлепшымі людзьмі ў свеце, як і яго родзічы. На пахаванні яны шмат абураліся, якая я паганая дачка — не плакала, не ўбівалася. А ў мяне ўнутры ўсё кіпела: якім ён быў на самой справе, ведалі толькі мы.

Гэта мы тут зараз можам разважаць пра абарону правоў і розныя іншыя высокія матэрыі, а ў звычайным жыцці пра іх ніхто не думае. Усё пранізана гвалтам. Гвалт — гэта норма. І ты разумееш гэта, толькі калі трапляеш у іншае асяроддзе, дзе гвалту няма. Толькі тады ты можаш паглядзець на гэта збоку.

«Як і любой жанчыне, ёй хацелася быць каханай»

Людзі, якія не сутыкаліся з хатнім гвалтам, часта не разумеюць, чаму ахвары застаюцца ў такіх сем’ях. Псіхолагі і пацярпелыя тлумачаць гэта складанасцю адносінаў унутры сям'і, а таксама здольнасцю аб’юзераў маніпуляваць сваёй ахвярай, ізаляваць яе ад магчымай дапамогі і выклікаць да сябе пачуццё спачування:

— Тут няма і не можа быць адзінага адказу. Магу сказаць пра сябе: мне безліч разоў хацелася адправіць да чортавай мацеры ўсе гэтыя скандалы, здзекі, абразы, вымаганні і выкраданні ў нас грошай. Проста з’ехаць і ніколі не вяртацца. Але тады б адны засталіся блізкія, якіх я вельмі люблю, і мне балела сэрца пры гэтай думцы. Кінуць іх для мяне было самай подлай здрадай. Таму я не змагла сысці. І гэта я, дачка агрэсара. А што адчувала мая мама, я не магу нават уявіць.

Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

Чаму мама яго не кінула? Гэта самае цяжкае пытанне ў маім жыцці. Цяжкае — таму што вымагае параўнання любові. Пэўна ж, мама кахала яго. І, як і любой жанчыне, ёй хацелася быць каханай і мець шчаслівую сям’ю. Калі ты пакахала аднаго чалавека, а з часам ён стаў зусім іншым, вельмі цяжка адмовіцца ад веры ў тое, што ўсё вернецца і будзе як раней. Тым больш, што такія людзі, як мой бацька, — вельмі ўмелыя маніпулятары. Ён ведаў, калі трэба «уключыць» сябе ранейшага. Напрыклад, калі патрэбныя былі грошы на чарговую бутэльку. Я сама спачатку куплялася на гэтую яго ролю «добрага таткі», але пасля зразумела, што гэта толькі роля: калі жаданае аказвалася ў руках, ён ператвараўся ў сябе звычайнага, а мы — у баксёрскія грушы.

«Мы пераводзім гэта ў жарт, смяёмся — так лягчэй»

Крысціна дагэтуль не можа пагаварыць з сям’ёй пра мінулае: гэта тэма настолькі балючая і асабістая, што складана задаваць пытанні:

— Мы спрабавалі размаўляць, але гэта ніколі не былі доўгія сур’ёзныя размовы, размовы-рэфлексіі. Проста так дваццаць чатыры гады жыцця не выкінеш, таму мы так ці інакш спатыкаемся аб факты мінулага, але не абмяркоўваем іх падрабязна, бо калі пачаць іх аналізаваць, можна звар’яцець. Калі я прамаўляю некаторыя рэчы ўголас, у мяне цяперашняй валасы дыбам становяцца. Для мяне дзіка тое, праз што мы прайшлі. Але я хаджу на тэрапію і працую з гэтым, а мама — не. І таму, калі ўсплывае нешта ў размовах, мы пераводзім гэта ў жарт, смяёмся — так лягчэй. У мяне не павярнуўся б язык пачаць размову сур’ёзна — пра боль, страх, віну, пра любоў і нянавісць. І пра ўсе гэтыя «чаму».

«Калі я падрасла, мама забараніла мне скардзіцца суседзям і я перастала да іх хадзіць»

Галоўнае, што ратавала маленькую Крысціну — кнігі:

— Я чытала ўзахлёб, днём і ноччу. Абедала — побач з талеркай была кніга, засынала з кнігай. Вельмі любіла «Гары Потэра» — гісторыю, у якой умоўная «я» смелая, мужная, заслугоўвае любові і перамагае зло.

Яшчэ быў тэлевізар, часта недасяжны: бацька мог забараніць мне заходзіць у іх з мамай пакой у якасці пакарання. Але калі было можна ці калі нікога не было дома, я глядзела музычныя каналы. Бацька называў нас «животными» і «кончеными», пастаянна прыніжаў. Патрэбна было нешта ў супрацьвагу. Нешта, што даказвала б мне самой маю вартасць. Музыка хаця б часткова давала мне гэта.

Маленькай, калі атрымлівалася вырвацца, я бегала да суседзяў насупраць выклікаць міліцыю. Гэта была пара пажылых людзей, якія ўсё бачылі і разумелі. Яны часта гаварылі маім бацькам, што так нельга. Калі я прыбягала, яны не пускалі мяне назад і пакідалі на некаторы час у сябе. Дзве шафы ў іх вялікім пакоі былі набітыя кнігамі, я разглядала іх карэньчыкі і марыла ўсе прачытаць, але замест іх мне давалі даміно і шашкі з шахматамі. Гуляць я не ўмела, таму проста раскідала па падлозе і складвала розныя фігуркі з іх. Калі я падрасла, мама забараніла мне скардзіцца суседзям, і я перастала да іх хадзіць.

Праз шмат гадоў сусед памёр ад раку, яго жонка прадала кватэру, сабралася пераязджаць і паклікала мяне забраць тыя самыя кнігі, на якія я з зайздрасцю глядзела маленькая. Яны былі ўжо старыя, з выцвілымі вокладкамі і пажоўклымі старонкамі, мама пытала, навошта яны мне, а я не магла растлумачыць. Выбіраючы, я выпадкова наткнулася на скрыню з шахматамі, успомніла, як яны ратавалі мяне калісьці, і расплакалася. Гуляць у шахматы я так і не навучылася, а кніг забрала шмат.

Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

«Пасля дзясяткаў гадоў прыніжэнняў і здзекаў самаацэнку даводзіцца саскрабаць з падлогі»

Пераадолець досвед гвалту цяжка. Траўмы ствараюць у ахвяры пэўныя сцэнары паводзін, якія часта робяць гвалт замкнутым колам: чалавеку дрэнна, але ён не можа выйсці з сітуацыі, бо гэта адзіны вядомы яму варыянт жыцця, ён не бачыў іншага прыкладу сям'і і іншага стаўлення да сябе з боку блізкіх. Крысціна пацвярджае, што ісці шляхам прыняцця сябе і сваёй годнасці сапраўды цяжка:

— Для мяне не было асаблівай праблемы ў тым, каб не адчуваць сябе ахвярай. Я проста не хацела ёю быць — і не была з першага ж моманту, калі змагла абараніцца. Тое самае тычыцца і жыццёвага сцэнару: я магла не ведаць, чаго хачу, але дакладна ведала, чаго не хачу. Я не хацела быць такой, як бацька, мець адносіны, завязаныя на гвалце, непавазе, ігнараванні пачуццяў іншых. Але ў цэлым пераадолець досвед гвалту неверагодна складана — перш за ўсё, канешне, у тым, каб сабраць з сябе цэльную асобу. Пасля дзясяткаў гадоў прыніжэнняў і здзекаў самаацэнку даводзіцца саскрабаць з падлогі. Паверыць, што ты ні ў чым не вінаватая і заслугоўваеш лепшага, перастаць сябе караць за тое, што з табой рабілі, — самае цяжкае.

Не менш цяжка вучыцца давяраць людзям і падпускаць іх да сябе. І тут мне зноў неверагодна пашанцавала: у мяне класныя сябры і блізкія, яны даюць мне такія любоў і падтрымку, што іх дастаткова для таго, каб у самыя цёмныя часы, калі кепска, выплываць на паверхню, не даваць сабе заставацца у негатыве. Гэта вельмі важна — мець людзей, якія цябе разумеюць і прымаюць з усімі тваімі плюсамі і мінусамі, з усім тваім багажом мінулага. Таму што, яшчэ раз падкрэслю, з тым, што з табою робіць гвалт, сам-насам заставацца нельга: можна проста не справіцца.

Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

«Калі ты адкрытая, бачна, куды біць»

Ёсць меркаванне, што жанчына, якая піша вершы, павінна быць вытанчанай, далёкай ад зямных турбот і пакутаваць толькі ад нешчаслівага кахання. Грамадская дзейнасць у Беларусі ўвогуле лічыцца чымсьці нізкім і брудным. Але Крысціна не падзяляе такі погляд:

— Пачнём з таго, што жанчына нікому нічога не павінна. Тое, што ў кагосьці я магу выклікаць няёмкасць — праблема гэтага «кагосьці». Спачатку гэта складана зразумець, і я пастаянна пераймалася наконт таго, што буду нейкай «не такой», якой ад мяне чакаюць. Мабыць, яно ад самаацэнкі залежыць. А пасля «адпусціла». І калі б я «парылася» дагэтуль, я не змагла б гаварыць.

Я не сачу за тым, хто там мяне выдаляе ці блакуе ў сацсетках. Я рэдка кагосьці дадаю, так што людзі, якія самі да мяне папрасіліся, абсалютна свабодныя ў тым, каб ад мяне сысці без усялякага пераследу. Каментары пасля інтэрв'ю чытаю: яны цікавыя мне як паказчык агульнага настрою ў грамадстве: чым людзі дыхаюць, як яны думаюць, што ім важна.

Не хаваць страшны досвед з мінулага, а таксама быць адкрытай у каханні - гэта прынціпіяльныя для Крысціны рэчы. Яна ўпэўненая, што толькі так можна пераадолець стэрэатыпы і табу, што ёсць у грамадстве:

— Чалавечая псіхіка працуе так: калі нечага не бачна, значыць, гэтага няма. Любы рух за правы пачынаецца з таго, што людзі робяць сябе заўважнымі, каб іх праблемы немагчыма было праігнараваць.

Гаварыць пра сябе і свой досвед важна для таго, каб іншы мог паставіць сябе на маё месца. Толькі праз гэтую чалавечнасць, праз спагаду і ўважлівасць адно да аднаго мы можам зрабіць гэты свет лепшым.

Раскрывацца страшна. Таму што калі ты адкрытая, бачна, куды біць. Але, можа быць, менавіта таму, што я ведаю, як гэта — калі б’юць, я не маю права маўчаць.

Фото: Дарья Бурякина, TUT.BY

«Мяне, як ні парадаксальна, зусім не радуе, калі да мяне прыходзяць людзі і кажуць: «Ведаеш, я цябе разумею»

На TUT.by выходзіў спецпраект «Дом і гвалт», шмат тэкстаў на гэтую тэму з’явіліся і ў іншых медыя. Хоць праблема і застаецца збольшага табуяванай, першыя галасы ўжо гучаць. Але Крысціна, чытаючы гісторыі іншых пацярпелых, адчувае сябе складана:

— Мае пачуцці ад гэтых гісторый — гэта сум і боль. Нягледзячы на тое, што адной з мэт маіх тэкстаў было заахвоціць іншых гаварыць, мне ўсё адно сумна чытаць чужыя гісторыі, таму што вельмі хочацца, каб болю было менш. І мяне, як ні парадаксальна, зусім не радуе, калі да мяне прыходзяць людзі і кажуць: «Ведаеш, я цябе разумею». Я не магу без слёз чуць, як знаёмыя настаўнікі і выкладчыкі расказваюць мне, што дзеці вучаць мае вершы і дзеляцца пасля сваімі гісторыямі. Адзінае, што я ў такія моманты магу сказаць: «Лепш бы ім не адгукалася, лепш бы яны ніколі не ведалі».

Але я ведаю, наколькі важна, каб твой досвед рэпрэзентаваўся кімсьці. Падчас сустрэч з чытачамі ці проста ў прыватных паведамленнях людзі дзякуюць за тое, што я гавару пра сябе і пра іх: пра гвалт, несправядлівасць, несвабоду, пра любоў і ЛГБТ. Калі мы гаворым пра гэтыя рэчы, мы робім іх бачнымі, мы робім бачнымі людзей за імі. І таму, як бы балюча і страшна ні было, гаварыць трэба.

«Ты можаш забыць, як цябе абразіў каментатар у сацсетцы, але як цябе білі, ты не забудзеш ніколі»

Творчасць — гэта шлях адзіноцтва, бо цябе не заўседы разумеюць. Але і быць жанчынай, пацярпелай ад гвалту, — таксама адзіноцтва, бо цябе проста на хочуць чуць. Для Крысціны гэтыя рэчы звязаныя:

— Верш ніколі не будзе зразуметы так, як ты яго напісала. Таму што для таго, каб яго зразумець «правільна», трэба быць табою. Тое самае і з гвалтам. Гэта вялікая праблема насамрэч, якая распаўсюджваецца не толькі на паэзію і грамадскую дзейнасць, але і на асабістае жыццё: твае думкі, пачуцці, паводзіны і ўчынкі можна зразумець, толькі адчуўшы на ўласнай скуры ўвесь жах здзекаў. Якімі бы словамі я ні намагалася гэта перадаць, я не змагу. Скура — першая крыніца інфармацыі, а памяць цела — самая трывалая рэч у свеце. Ты можаш забыць, як цябе абразіў каментатар у сацсетцы, але як цябе білі, ты не забудзеш ніколі. І нават калі табе падаецца, што ты ўсё забыла, цела памятае — і абавязкова будзе нагадваць пра гэта.

-30%
-20%
-25%
-15%
-50%
-50%
-10%
-50%