Сёння ў Дзень роднай мовы LADY вырашылі ўзгадаць яркіх беларусак, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі мове: пісалі на ёй, баранілі годнасць роднага слова i неслі яго ў грамадства. І не заўсёды, а дакладней — амаль што ніколі іх шлях не быў лёгкім і прыгожым.
Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш — беларуская паэтэса, празаік і да таго ж грамадскі дзеяч. Пэўную частку свайго жыцця Ларыса правяла за кратамі. Хаця пачатак быў шматспадзёўным. Яна пачала пісаць вершы яшчэ падчас вучобы ў Ваўкавыскай гімназіі:
— Мяне натхнялі беларуская народная стыхія і Шэкспір!.. Ніяк я не магла разабрацца ў сытуацыі. Усё было нейк інстынктыўна. Я бачыла толькі вялікія вартасці беларускай народнай культуры. Розуму пасля мяне навучыў муж, які першы чытаў мне Купалу.
Дарэчы, аніякага мужа магло б і не быць. Бо паводзіны Янкі Геніюша пад час заляцанняў былі мякка кажучы так сабе.
— Ня мог спакойна прайсці ля мяне i лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу i думаю: панясу яму лямпу — а быў ён у маім пакоі, — калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі… Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака галаву. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрай ночы… Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала…
Яны ажаніліся, і ў той жа год у іх нарадзіўся сын — Юрка. У 1937 сям’я пераехала ў Прагу, дзе муж працаваў урачом. Але і для Ларысы там знайшоўся занятак — пісаць вершы і друкаваць іх:
— Трэба было бараніць душы людзей ад германізацыі і фашызацыі вартасцямі народнай культуры… Друкавалася я ў «Раніцы» — газэце для беларусаў за межамі сваяго краю…
А тым часам на яе радзіме адбывалася нешта жудаснае: бацьку арыштавалі, маці і сясцёр выслалі ў Казахстан. Ларыса с патроенай энэргіяй пачала працаваць на карысць беларускай эміграцыі. Яна наладзіла неабходныя сувязі і ўжо ў сакавіку 1943-га стала Генеральным сакратаром ураду БНР у эміграцыі. Займалася справамі палітычных уцекачоў, беларускіх ваеннапалонных у Германіі. І пісала, пісала, пісала.
Такая дзейнасць не засталася незаўважанай Саветамі, і вясной 1948-га Ларысу з мужам арыштавалі. Сам міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава дапытваў Геніюш і патрабаваў перадаць яму архівы БНР. Беспаспяхова!
Таму ў лютым 1949 яе (а таксама і Янку Геніюша) адправілі на чвэрць стагоддзя зняволення ў лагеры. Там яна правяла наступныя 8 год. Ніводнага дня з гэтага тэрміну яна не губляла дарма. Працягвала пісаць і нават удзельнічала ў лагернай самадзейнай творчасці.
— У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузняцова — жонка нейкага коміка з Малога тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая i вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі канцэрты, дзе маёю справаю быў канфэранс і розныя тэксты песняў. Яшчэ я памагала маляваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і г. д.
Пасля частковай рэабілітацыі яны з мужам ад’язджаюць на яго малую радзіму — у Зэльву. І амаль што адразу іх дом стаў месцам прыцягнення для паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў і навукоўцаў. Сама Геніюш была вымушана пісаць у стол: друкаваць сваю творчасць на працягу 10 гадоў пасля вызвалення ёй было забаронена. Да таго ж яна ўпарта адмаўлялася ад савецкага грамадзянства, што таксама перешкаджала яе кар’еры. І толькі ў 1967 годзе пры дапамозе Максіма Танка надрукавалі яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Рэдактарам выдання стаў юны пісьменнік Уладзімір Караткевіч.
— Ён мяне баіцца… і крыху слухаецца. Ня ведаю, якім і чыім розумам ён цяпер жыве, бо калі б сваім, дык ведаў бы, што жыццё два разы не даецца і нешта пазытыўнае ў ім належыць нам па сабе пакінуць… Веру, што на яго надыйдзе апамятанне, але здароўя можа ня быць ужо… Забываецца Валодзя, што «кожны з нас ёсць твар сваёй Радзімы… калі ён ня хоча зразумець, якую крыўду робіць свайму народу, дык дзьмухаць яму з літасьці ў адно месца няма чаго! У яго дурная натура — тым, хто яго любіць, рабіць на злосць… У Караткевічы я вельмі расчаравалася. Ён дасканала піша, але так ужо пʼе, што ня хочацца бачыць, як гіне харошы чалавек і вялікі талент.
Потым свет пабачылі две цудоўныя кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські» і «Добрай раніцы, Алесь». Але найбольш поўныя і значныя яе творы былі выдадзеныя толькі пасля смерці Ларысы Геніюш.
Вершы мае захаваныя
У сэрцы на сто замкоў,
Вершы мае закаваныя
За праўду і за любоў.
Вершы мае падбітыя,
Водгульле маіх дум.
Вы, як і я, забытыя,
Крыкі мае ў бяду.
Зоська Верас
Зоська Верас выдала першы ў Беларусі часопіс для самых маленькіх чытачоў «Заранка», склала «Батанічны слоўнік» і стала значнай фігурай ў беларускім культурным грамадстве мінулага стагоддзя.
Сапраўднае імя — Людвіка Сівіцкая-Войцік. Жыццёвае крэда: праца замест дэмагогіі. З гэтай нагоды любіла пакрытыкаваць беларускія грамадскія арганізацыі.
— Ня цешыла праца нашых арганізацыяў. Сядзелі, прамаўлялі, дыскутавалі і — таўкліся на месцы, у Менску нават Купалля не святкавалі. Неяк пайшлі ў лес — Галубок, Ядвігін Ш., Фальскі, Бядуля, я. Пасядзелі гадзінку, памаўчалі і — вярнуліся…
Тых жа дзеячаў, а асабліва пісьменнікаў, Зоська бязлітасна лаяла за неўжыванне беларускай мовы ў звычайным жыцці.
— Столькі друкуецца часопісаў, выходзіць кніжак… Аўтары атрымліваюць плату «ад радка», а ў сям'і сваёй мовы не ўжываюць… Кажаце, што дачка Госцева (гарадзенскі краязнаўца) ня любіць беларускай мовы? А на якой мове гаворыць дачка Саламевіча (літаратуразнаўца)? Або сын Танка? А ў нашых сем’ях усё гладка? Нават тыя пісьменнікі, што дагэтуль нядрэнна пісалі, засмечваюць свае творы такімі словамі… Мала ведаць граматыку, сынтаксыс… Трэба адчуваць слыхам, скурай, дзе сваё, дзе чужое.
Сама ж пісала на мове дасканала. Калі ў 1913 Гродзенскі гурток беларускай моладзі выдаў лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах «Kołas biełaruskaj niwy», яна не толькі стала аўтарам некалькі твораў з гэтай кнігі, але і аўтарам уступнага артыкула. Друкавала свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка». Увогуле яна заўсёды асабістым прыкладам паказвала, як трэба працаваць. Патрэбен часопіс для малых — будзе часопіс. Бачыла праблемы ў нэймінгу раслін — склала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік»:
— З назвамі раслінаў — трагедыя. Каб жа гэта маладыя ня ведалі сапраўдных народных назваў… Але ж якраз наадварот: старыя паэты — С. Шушкевіч, М. Лужанін, В. Вітка — падумаць лянуюцца, так і садзяць у свае творы сон-траву, маці-і-мачыху, доннік.
Дарэчы, расліны і жывёл яна любіла больш за людзей. Бо першыя не здрадзяць у адрозненні ад другіх. Вакол яе хаты ў Вільне рос багаты сад з амаль што ўнікальнай калекцыяй раслін, а таксама была аранжарэя з цяпліцай. Зоська з задавальненнем займалася стварэннем кааператыўнага таварыства для пчаляроў «Пчала» і рэдагавала пчалярскі часопіс «Беларуская борць».
Напрыканцы жыцця ў 1989-м Зоська Верас разам з зяцем Лявонам заснавалі Таварыства беларускай культуры ў Літве.
Хацела да цябе напісаці
На пялёстку ружы пахучай,
Але пялёстак мог згінуць
У пору буры грымучай.
Хацела да цябе напісаці
На скрыллі у матылёчка,
Але матыль умірае,
Як прыйдзе цёмная ночка.
І так дзянёчкі праходзяць…
Не маю яго як паслаці,
А ліст такі ўжо сардэчны
Хацелася напісаці.
Алаіза Пашкевіч
Алаіза Пашкевіч — больш вядомая як Цётка — напэўна адна з самых вядомых беларускіх паэтак, грамадская дзеячка, публіцыстка. У гэтым годзе спаўняецца 145 год са дня яе нараджэння. Вось каго-каго, а Цётку нават Зоська Верас не змагла б папракнуць ў пазбяганні роднай мовы, бо Алаіза заўсёды і з ўсімі размаўляла выключна па-беларуску.
Хатняй гаспадыні з яе б ніколі не атрымалася: нават Алаізінай бабулі Югасі гэта было зразумела пачынаючы з дзяцінства будучай паэткі. А вось казкі малая расказвала лепей за ўсіх. Толькі чамусьці вельмі жудасныя.
Алаізіна сям’я была шляхетная, але не заможная. Таму падчас вучобы ў Віленскім прыватным сямікласным вучылішчы Веры Прозаравай яна аднойчы страціла прытомнасць ад голаду. З таго часу аднакласніца ўпотайкі (бо Алаіза была вельмі ганарлівая дзяўчына) хавала ў яе стале смачныя булкі.
Адукацыю працягвала ў Санкт-Пецярбургу, дзе і атрымала свой знакаміты псеўданім. Быццам бы нейкі рабочы на адным з мітынгаў 1905 года крыкнуў падчас яе выступу: «Ну і кажа цётка!».
Дарэчы у паўночнай сталіцы яна сустракае землякоў, і ўсе разам яны ствараюць «Круг беларускай народнай асветы і культуры». Менавіта ў альманахах-пісанках «Кола» адбыўся дэбют Цёткі-паэткі. Таксама Алаіза і яе сябры сталі ініцыятарамі стварэння Беларускай сацыялістычнай Грамады, а першая канферэнцыя грамады адбылася на віленскай кватэры Цёткі.
— На вас — моладзі, — прамаўляла Цётка, — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!
Не менш Цётцы падабалася займацца творчасцю. Яна была першай паэткай, якая шмат пісала па-беларуску для дзяцей. Выдаваючы дзіцячы часопіс «Лучынка», яна нястомна прасіла сяброў літаратараў: напішы, напішы, напішы для дзетак. Таксама Цётку лiчаць беларускай пачынальніцай асацыятыўна-мадэрновай прозы, дзе галоўнае — не сюжэт, а паглыбленне ва ўнутраны свет пачуццяў і думак чалавека. Любіла пісаць і падарожныя нататкі: падарожжа займалі значную частку яе жыцця. Асабліва пешыя:
— 7 ліпеня 1914… Я ўжо 70 кіламетраў адпаўзла ад пекла Stokholma, начую сёння ў сяле Wangnhorad у жалезнадарожным hotel'і… Ураджаяў я яшчэ нідзе такіх ня бачыла, як у Швецыі. Крыху ўжо знаёмімся з людзьмі, вучымся іхняй мове.
У сваім жыцці Цётка заўсёды ставіла на першае месца каханне. Здаецца, аднойчы яна знайшла яго ў асобе студэнта-інжынера Сцяпонаса Кайрыса:
— Незвычайна жывога характару, яна вылучалася нават у шматколерным студэнцкім асяроддзі і адразу зрабіла на мяне ўражанне чалавека з жывой душой, — казаў ён пра іх першую сустрэчу.
Яны ажаніліся, хаця сапраўды роднымі так ніколі і не сталі, сцвярджалі сябры сям'і:
— У мяне склалася ўражанне, што Цётка з’яўляецца хутчэй кватаранткай, чым гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны… Прымала яна толькі ў гэтым пакоі… Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём, — узгадвала Паліна Мядзёлка. Мабыць, менавіта таму ў іх была такая моцная эмацыйная сувязь з Янкам Купалам, ці «Купалкам», як яна яго называла.
Любоў і спачуванне да людзей сталі прычынай яе смерці. Калі ў Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу, Цётка актыўна дапамагала хворым, але ў хуткім часе сама захварэла і памерла.
Чаго словам не сказаці,
Што на сэрцы накіпела,
Астаецца скрыпку ўзяці;…
…Толькі крэпкі б былі струны!
Смык гатовы, струны тугі,
Кроў у жылах закіпае.
Ну, слухайце, мілы другі,
Скрыпка мая ўжо грае!