Еда
Делай тело
Стиль
Вкус жизни
Карьера
Звезды
Вдохновение
Анонсы

Тесты
Гороскопы
Сонник
Гадание онлайн
Дневник веса
реклама
реклама
реклама
  • Леди Босс

    Леди Босс

    Кто стал главной бизнес-леди года в нашей стране по мнению жюри? Читайте в этом материале *На правах рекламы

  • Наши за границей

    Наши за границей

    Где можно обнять ленивца, что чувствуешь, попав в загадочный Мачу-Пикчу, и трудно ли совершить трёхдневный пеший переход по горам - читайте в этом интервью.

  • Моя жизнь

    Моя жизнь

    Обсуждаем не самую простую ситуацию “треугольника”.

  • Советы адвоката

    Советы адвоката

    Сегодня обсуждаем вопрос с тяжкими телесными повреждениями.

  • Женские встречи

    Женские встречи

    21 апреля вы сможете узнать секреты успеха главных бизнес-леди нашей страны. Поспешите записаться на встречу, которая может навсегда изменить вашу жизнь!

  • Мудрость моей бабушки

    Мудрость моей бабушки

    Судьба, которая может стать достоянием нового поколения.

Все проекты

Отношения


Святара лёгка параўнаць з прафесійным вайскоўцам: абодва ў форме, абодва служаць, праца абодвух патрабуе поўнай фізічнай, інтэлектуальнай і маральнай выкладкі. Жыццё і таго, і другога ў вялікай ступені не належыць ім самім: у любы момант кіраўніцтва можа адправіць у новае месца. Пра долю жонак вайскоўцаў добра вядома па пакаленнях нашых мам і бабуль. Які адбітак на жыццё накладае, калі муж — служыцель царквы? Пра гэта ў гісторыях жанчын трох хрысціянскіх канфесій: праваслаўнай, пратэстанскай і грэка-каталіцкай.

Матушка Наталля: «Ёсць некалькі спосабаў, каб не звар’яцець ад ягонай пастаяннай адсутнасці»

«У мяне ёсць роўна 40 хвілін», — папярэджвае матушка Наталля, прычыняючы дзверы драўлянай капліцы. Пакуль яе муж адпраўляе вячэрню, мы размаўляем у пакойчыку прыхадской бібліятэкі пры храме Усекнавення галавы Іаана Прадцечы ў Гродна. Дамовіцца на сустрэчу з Наталляй Жалезнай аказалася няпростай справай. «Чакайце, я гляжу, што ў мяне ў суботу. Субота не. Панядзелак… Ці мне трэба куды-небудзь везці дзяцей? Наста — музыка, у Вані …» — расклад дня праваслаўнай матушкі распісаны не менш шчыльна за графік бізнес-ледзі.

Выхаванне дзяўчыны са Шчучына было самым звычайным: сям’я і школа. Практыкуючымі верніцамі былі толькі бабулі. Бацькі, хоць і атрымалі выхаванне ў праваслаўных традыцыях, у савецкі час храм не наведвалі: страх заплаціць за гэта пасадай і працай браў верх. Вялікія рэлігійныя святы адзначаліся за зачыненымі дзвярыма: на Вялікдзень нейкім цудам з’яўляліся асвячаныя яйкі, на Богаз’яўленне — святая вада, шчодры стол — на Раство і заўжды прымаўся кавалак прасфары.

У царкву Наталля прыйшла сама, калі прыехала ў Гродна вучыцца ў тады яшчэ медінстытуце.

— Першая царква, у якую я зайшла, напэўна, больш з цікаўнасці, была Каложа. Як раз чыталі Евангелле — добра памятаю. Тады я нічога не зразумела: як замежная мова ўсё было. Але на наступныя выходныя я прыйшла зноў і зноў нічога не зразумела. Мне спадабалася атмасфера! Разбірацца стала паступова, мова перастала быць чужой, — узгадвае матушка і дадае, што важную ролю тут мелі малітвы ейных бабуль.

У жыцці дзяўчыны з’явіліся звычайныя для многіх хрысціян споведзь і прычашчэнне. З часам з’явіўся свой духоўнік: з Жыровіцкага манастыра прыязджаў архімандрыт Сафроній. Сёння гэта епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі. Праз яго Наталля і пазнаёмілася з будучым мужам.

Аднойчы пасля Літургіі яна размаўляла са сваим духоўнікам. Вучань апошняга курса Жыровіцкай семінарыі Аляксандр праходзіў побач.

— Потым я паехала ў Жыровіцы, і там мы зноў сустрэліся. Не ведаю, выпадкова ці не, — расказвае матушка.

Ці ўяўляла калі-кольвек студэнтка медінстытута, што выйдзе замуж за святара?

— Я планавала скончыць навучанне, атрымаць яшчэ адну адукацыю: медычную ці іншую, — разважае яна.

Наталля расказвае, што для іх саміх спатканні ад пачатку не былі павярхоўныя, хоць прапановы рукі і сэрца — у рамантычнай абстаноўцы з адпаведным антуражам — ніхто не рабіў. Неяк разам яны пайшлі ў шпіталь праведаць яе дзеда. Ён глядзеў-глядзеў, потым кажа: «Ладна, пасля 5-га курса жаніцеся». Так і адбылося. Рэакцыю сваіх бацькоў жанчына ўзгадвае з усмешкай:

 — Мама да гэтай навіны аднеслася з трывогай. Тата — вельмі спакойна, перахрысціўся шырокім крыжам і сказаў: «Дзякуй Богу, што за праваслаўнага».

У жніўні 1996-га пара згуляла вяселле. Жаніх, а 6-й раніцы прыехаў па нарачоную ў Шчучын. Ва Уладзімерскай царкве ў Гродна маладыя памаліліся і прычасціліся на Літургіі, пасля іх абвянчалі. У Вялікі пост, на Дабравешчанне мужа Наталлі рукапалажылі на святара.

Паводле правілаў праваслаўнай царквы, для вянчання Наталля і Аляксандр мусілі мець дазвол ад бацькоў: родных і духоўных. Тады а. Аляксандр падпарадкоўваўся мітрапаліту Філарэту, да якога яны ездзілі па бласлаўленне. Жонкі будучых іерэяў напярэдадні Таінства свяшчэнства падпісваюць адмысловы дакумент. У ім гаворыцца пра безумоўную згоду падтрымліваць і раздзяляць лёс мужа, куды б яго ні паслалі служыць.

Зварот да святара «бацюшка» не з’яўляецца царкоўнай догмай. Такі некананічны этыкет складаўся стагоддзямі. Па аналогіі з «бацюшкам» да ягонай жонкі прынята казаць «матушка». Усё ж для вернікаў царква — другі дом, адсюль і такія сямейныя словы.

— Натуральна, матушка — гэта не сан і не званне. Сама сябе я так не называю. Ну, які ў мяне статус? Жонка і маці сям'і - самы важны мой статус. У храме да мяне «матушка» звяртаюцца, на рабоце — Наталля Аляксандраўна, дзеці - мама, — расказвае наша гераіня.

Вяселле сям'і Жалезных прыйшлося на сярэдзіну вучобы а. Аляксандра ў Грэцыі. Паколькі ён лічыўся ў Гродзенскай епархіі, то матушку Наталлю размеркавалі па месцы службы мужа. Сёння яна працуе педыятрам у дзіцячай паліклініцы.

Першыя сумесныя сем год маладая сям’я жыла з бацькамі а. Аляксандра, аднак адразу ўзяла дзялянку зямлі. Пераязджалі ў недабудаваны дом і ўжо з часам давялі яго да ладу.

Прыход Усекнавення галавы Іаана Прадцечы а. Аляксандр атрымаў 12 год таму. Тады тут была толькі драўляная часоўня ды заліты фундамент новай царквы. Сёння засталося пракласці камунікацыі ды завершыць штукатурныя працы вялікага храма.

Пры прыходзе працуе сямейны цэнтр «Рамонак» — сапраўдны шматпрофільны кансультант на ўсе выпадкі жыцця. Тут праводзяць лекцыі і дыскусіі пра здароўе сям'і, цноту, традыцыйныя каштоўнасці, дапамагаюць падрыхтавацца да родаў, кармленню грудзьмі, догляду за нованароджаным. Індывідуальна альбо для груп валанцёры цэнтра ладзяць сустрэчы з псіхолагамі і лагапедамі. Адбываюцца заняткі тэатральнай і творчай студый.

Матушка Наталля, як медык, вядзе сустрэчы «Азбука здароўя. Як захаваць здароўе сям'і» і заняткі па экалогіі сужэнства. Яна прайшла адмысловыя семінары руху «Pro-life», здала іспыты і атрымала сертыфікат.

— Тэрмін «натуральнае планаванне» мне не вельмі падабаецца. Я кажу «метад распазнання плоднасці». Гэты выраз падкрэслівае накіраванасць на зачацце. «Натуральнае планаванне» ў свядомасці людзей накладае адбітак абмежавання колькасці дзяцей. Здаецца, дробязь, а насамрэч, змяшчаюцца акцэнты, — тлумачыць Наталля.

У сям'і Жалезных трое дзяцей. Старэйшы сын студэнт, малодшым Ваню ды Насце 11 і 12 год.

— Маіх дзяцей часам уяўляюць анёлкамі з крыльцамі. А яны самыя звычайныя. У іх свае сябры: нехта ходзіць у царкву, нехта не. У дзяцей пры храме і акружэнне такое падбіраецца. Але мы, бацькі, на гэта не ўплываем. Як іх жыццё складзецца, невядома. Мы з мужам стараемся выхоўваць нашых дзяцей з любоўю, без якой наогул нічога не можа быць. Ад нас залежыць сфармаваць тое, куды яны заўжды змогуць вярнуцца, каб дзіцячыя ўспаміны дапамагалі ім у жыцейскім моры, — лічыць матушка.

«Парафія» святароў, асабліва калі гэта настаяцель прыходу, не толькі адпраўленне служб па раскладзе. Гэта і гаспадарчыя пытанні, асабліва калі прыход разбудоўваецца, сустрэчы з царкоўнаначаллем і кіраўніцтвам розных узроўняў, паломніцтвы. Сваім прыхаджанам святар можа спатрэбіцца ў любы момант: хрэсьбіны, вянчанні, адпяванні. Ды ці мала якая жыццёвая сітуацыя прывядзе хрысціяніна па параду да духоўнага айца?

— Памятаю, мы з дачкой, калі яна была зусім маленькая, гулялі: дзе жыве мышка? — у норцы. Дзе жыве сава? — у дупле. Дзе рыбка? — у вадзічцы. І тут Наста пытае: «Мама, а дзе жыве наш тата? У царкве, так?», — пасміхаецца матушка і дзеліцца сваімі спосабамі, як даць рады з занятасцю мужа.

Калі а. Аляксандр у храме, то з вялікай верагоднасцю там жа ў гэты час знаходзіцца і жонка з дзецьмі.

— Ён асвячае ваду на Хрышчэнне, а ты можаш з прыхаджанамі тую ж гарбату арганізаваць. Усё роўна мы побач, — распавядае матушка.

У паломніцтвы сям’я Жалезных таксама ходзіць у поўным складзе, прынамсі, двойчы ў год.

У а. Аляксандра часта бываюць розныя наведвальнікі. Так нарадзілася сямейная прыкмета: у доме госці - тата дома. Хай сабе з людзьмі.

— Аднойчы я сабе сказала: каб не страціць розум ад ягонай пастаяннай адсутнасці, я павінна навучыцца займаць сябе сама, каб мне было цікава, — дзеліцца матушка і ўжо з усмешкай дадае: — Рэўнасці да прыхаджан у мяне не было ніколі. Калі камусьці неабходны святар, то я таксама маю шмат справаў. Яшчэ хто каго можа прыраўнаваць?

Спадарыня Вольга: «Падтрымаць мужа ў ягоным служэнні Богу? Для нас заўжды гэта было на першым месцы»

«Дзякуючы вам у нас учора быў вечар прыемных успамінаў», — сябра евангельскай царквы «Жывое слова» Вольга Малюкевіч паказвае сямейныя фота. Наша размова адбываецца ў будынку рэлігійнай супольнасці, што каля самай прамысловай зоны Гродна.

На другім паверсе ў кабінеце пастара, мужа спадарыні Вольгі, чуваць дзіцячыя галасы і смех: вернікі ўпрыгожваюць дом ды рыхтуюць святочную праграму на Раство.

— Хочам мы ці не, людзі ўсё роўна будуць на нас глядзець і рабіць высновы: сёння можна служыць Богу і жыць праведна. Такая місія ў кожнага верніка: дабравесце не толькі на словах, а ў любым учынку. На тых, хто займаюць адказную пазіцыю, больш увагі, — лічыць спн. Вольга.

Звычайны дзень жанчыны пачынаецца з таго, каб сабраць сям’ю: каго ў школу, каго на працу. Наша гераіня — сябра Рады сваёй царквы, дзе яна праводзіць усе нядзелі і па неабходнасці прыязджае ў будні. У астатні час Вольга — хатняя гаспадыня. Хоць у гэтых справах муж дапамагае жонцы, а з закупамі і побытавай тэхнікай спраўляецца нават лепей, асноўныя хатнія клопаты застаюцца на Вользе.

— Я сябе прывучыла штодзень хоць троху пабыць сам-насам. Я чытаю, малюся, разважаю. Акрамя Бібліі, у мяне заўжды яшчэ якая-небудзь кніга. Такі час для мяне стаў неабходнасцю, — дзеліцца Вольга.

У сям'і Малюкевіч трое дзяцей. Старэйшая вучыцца ў Піцеры, сярэдні скончыў каледж, нядаўна стаў жыць самастойна, малодшаму — адзінаццаць. У гарадзенскай царкве «Жывое слова» ёсць праўдзівы жарт. Пасля таго, як у пастара нарадзілася трое дзяцей, то і ў сем’ях вернікаў сталі з’яўляцца трэція дзеці.

— У нашых супольнасцях сапраўды шмат людзей, якія хочуць больш чым дваіх дзяцей. Напрыклад, у нас адна пара зараз чакае пятага. У вялікай сям'і ў кожнага болей магчымасцяў раскрыць свой патэнцыял, — мяркуе Вольга Малюкевіч.

Для дзяцей ад 4 да 6 год наша гераіня вядзе ўрокі ў нядзельнай школцы. Раней яна ўдзельнічала ў царкоўнай музычнай групе (дакладна як у фільме «Жонка святара» з Уітні Х’юстан). У некаторых пратэстанцкіх супольнасцях жонкі пастараў маюць свецкія прафесіі, у іншых — займаюцца толькі служэннямі.

— Мне часам складана ўявіць, што я яшчэ камусьці падсправаздачная, акрамя свайго мужа ў царкве, — прызнаецца яна.

У беларускай супольнасці хрысціян поўнага Евангелля штогод адбываецца вялікая жаночая канферэнцыя ў Мінску. У яе рамках праводзяцца спецыяльныя сустрэчы для жонак царкоўных лідараў.

Гэта больш падобна на спатканні падтрымкі, калі нехта ў складаных сітуацыях не можа ні з кім падзяліцца, — расказвае спн. Вольга.

У канцы 80-х, калі нашай гераіне было 20 год, яе бацькі вырашылі пахрысціць дачок у традыцыйнай царкве. Маладую настаўніцу музыкі асабліва ўражвалі спевы хору ў храме.

— Аднак гэта не прывяло да свядомага рашэння ісці за Ісусам, — дзеліцца Вольга Аднойчы сябры запрасілі яе ў госці ў Евангельскую супольнасць. Пасля таго дзяўчына адшукала ў Гродна пратэстанцкую супольнасць «Добрая Вестка». Пакаяўшыся, яна прыняла водны хрост па веры.

— Там таксама спявалі Богу, толькі так, як я сама магла б спець! Музыка была вельмі простая, і ў ёй сапраўды можна было выразіць усё, што было ў сэрцы, — узгадвае жанчына.

Так яна трапіла ў супольнасць, дзе сустрэла будучага мужа.

«Мы былі блажэнныя і не разумелі, што нас чакае». Так праз гады з жартам сказаў пастар Зміцер сваёй жонцы пра дзень, калі выбраў служэнне Богу сваёй місіяй.

Тады, у 90-ыя, калі віравала ўсё навокал, высокі юнак у вялікіх акулярах актыўна дапамагаў місіянеру з ЗША. Змітру нават давяралі казаць пропаведзі і праводзіць спецыяльныя сустрэчы для нованавернутых. Для дзявочай часткі царквы ён быў зайздроснай пасіяй: жаданне мужчыны служыць Богу тут цэніцца вельмі высока.

— Калі ён прапаведваў, усе разумелі, што ў ім ёсць дар: слухаць было лёгка і цікава, — расказвае Вольга. — У нас былі моладзевыя сустрэчы па дамах. Гутарылі не толькі на рэлігійныя тэмы. Аднойчы сястра мне сказала: «Ведаеш, Дзіма хацеў бы… Што ты думаеш, калі вы станеце сябраваць?»

Прыхільнасць дзяўчыны будучы пастар здабываў правераным сярод карэнных гарадзенцаў спосабам. У Змітра ў бібліятэчных фондах Старога замка працавала маці. Хлопец з дзяцінства аблазіў усе старажытнасці ў тым гістарычным месцы горада, заходзіў нават туды, куды звычайным людзям трапіць немагчыма. Ён вадзіў Вольгу на шпацыры па Замкавай гары ды паказваў, з якіх сцен, што памятаюць князёў і каралёў, ён падаў і ламаў рукі ў 7 год.

Замуж наша гераіня выходзіла яшчэ не за пастара:

— У яго адукацыя — сярэдняя гандлёвая, працаваў у будаўнічай фірме. У пачатку 90-х усе займаліся бізнэсам — ён таксама спрабаваў. Я бачыла, што ён хоча служыць Богу, але я не ведала, ён стане пастарам так хутка.

У адну нядзелю пастар-місіянер запрасіў Змітра з Вольгай да сябе і прапанаваў замяніць яго.

— Падтрымаць мужа ў ягоным імкненні служыць Богу? Для нас гэта было заўжды на першым месцы. Я адказала: усё што ад мяне неабходна, я гатова рабіць, — узгадвае Вольга. — А Зміцер быў рады адразу пагадзіцца.

Муж спн. Вольгі прыняў рукапалажэнне ад свайго папярэдніка, скончыў Біблійны каледж, пасля Біблійны інстытут у Мінску. Сёння ў Беларусі ёсць аб’яднанне хрысціян поўнага Евангелля і свой епіскап. З яго ўдзелам на спецыяльным сходзе новыя пастары атрымліваюць бласлаўленне.

— Знешне ў маім жыцці не так ужо і шмат змянілася. Мы гадавалі 2 малых дзяцей: я больш была дома, а Дзіма часта адсутнічаў, — расказвае Вольга. — Змены больш адчуваліся ў духоўнай сферы. Як людзі будуць расці ў веры? Якія служэнні будуць у нашай царкве? — мяне хвалявалі такія пытанні.

Ад пачатку заснавання супольнасці «Жывое слова» (1994 г.) евангельскія хрысціяне арэндавалі актавыя залы ў розных памяшканнях горада. Апошнія 5 год яны збіраюцца ва ўласным доме. Сваімі сіламі людзі стварылі ўтульныя і прыгожыя класы для нядзельнай школы, залу з добрай акустыкай для малітваў. Штонядзелю тут каля сотні вернікаў. Акрамя гродзенцаў сюды прыходзяць студэнты, што прыехалі вучыцца з Афрыкі. Яны таксама спавядаюць гэты кірунак хрысціянства.

Бацькі нашай гераіні не адразу прынялі жыццёвую місію яе і ейнага мужа. Толькі праз гады бацька Вольгі сказаў: «Твая работа, Дзіма, патрэбна людзям».

— Зараз ужо мае дзеці дарослыя. Часам яны робяць выбар, з якім я не зусім згодна. Цяпер я разумею, што маім бацькам было нялёгка, — прызнаецца Вольга.

Матушка Алена: «Мама перажывала, што загубіла добрую кар’еру ў Мінску. А я не шкадую»

Матушка Алена выбачаецца, што не можа сустрэць на аўтавакзале: яе муж, а. Андрэй Буйніч, паехаў на рэкалекцыі ў Івацэвічы і забраў службовы «Фіят-пунта». Грэка-каталіцкая парафія Св. Язафата месціцца ў прыватным сектары на ўскрайку Ліды. На першым паверсе дома — капліца і пакой для гасцей, на другім жыве святар з сям’ёй.

— Я была звычайным падлеткам: фарбавала вочы, сядзела у кампаніі з гітарамі ля пад’ездаў, — пачынае расказваць пра сябе матушка.

У канцы 90-х студэнтка вячэрняга аддзялення «Кампутарных сістэм і сетак» БДУІРа наўрадці задумвалася пра пошукі Бога. Навучанне, праца, сябры — такім быў лад жыцця звычайнай мінчанкі.

У царкву Алену прывяла яе маці. Спадарыня Тамара, навярнулася да Бога раптоўна. Пасля цяжкой аперацыі ў шпіталі яна стала прасіць прабачэння (сваімі словамі, бо малітваў не ведала) і ў момант зразумела, што застанецца жыць.

Пасля, будучы актыўным чалавекам, мама Алены хадзіла ў розныя цэрквы. Аднойчы яна трапіла ў грэка-каталіцкую парафію ды запрасіла з сабой дачку.

Беларускія ўніяцкія супольнасці і сёння параўноўваюць з першымі хрысціянамі: адносна невялікія паводле колькасці вернікаў, усе адзін аднаго ведаюць, амаль што няма культавых будынкаў… Тады карціна выглядала яшчэ больш «каларытна». Калі вы чыталі раман «Quo vadis» Сянкевіча, зразумееце, пра што гаворка. Адным з месцаў у Мінску, дзе маліліся грэка-каталікі, быў закуток на 20 квадратных метраў у пад’ездзе дома на праспекце Пушкіна, каля кінатэатра «Аўрора». Тут наша гераіня перажыла сваё першае навяртанне.

— Перад гэтым я трапіла ў аўтааварыю і рэтраспектыўна зразумела, што Бог пакінуў мяне для чагосьці жыць, — узгадвае матушка Алена. — Я адчула, што калі цяпер не паспавядаюся, памру! Я нават не ведала, як трэба рыхтавацца. Святар сварыўся, калі прыходзілі спавядацца за некалькі хвілін да службы, але тады ён проста не змог мне адмовіць. Я памятаю, як я стаю на каленях, а за мной уся парафія чакае…

Пасля адбылася генеральная споведзь. Так у Каталіцкай Царкве называюць пакаянне ў грахах за доўгі перыяд часу ці за ўсё жыццё.

— У касцёле стаяў холад, але я адтуль выйшла проста мокрая, — распавядае матушка Алена. — Я ўсё жыццё жыла без Бога: звычкі, мысленне мяняліся паступова. Гэта шлях. Сёння я ўзгадваю сябе: гэта быў іншы чалавек!

Так наша гераіня стала часткай Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая падпарадкоўваецца Папе Рымскаму і трымаецца візантыйскага абраду.

Пілігрымка Львоў-Унеў, якая двойчы на год адбываецца ва Украіне, вельмі папулярна сярод беларускай уніяцкай моладзі. Аднак семінарыст Андрэй тым летам ехаць туды не хацеў: на нядоўгія канікулы ў яго былі свае планы. Архімандрыт Сяргей Гаек даручыў яму суправаджаць групу, а ў царкве, як у войску, загады кіраўніцтва абмяркоўваць не прынята… (Забягаючы наперад, у БГКЦ гэта не адзіны выпадак, калі па волі галавы царквы семінарыст трапляў у месца, дзе знаёміўся з будучай жонкай).

— Ён быў страшна незадаволены! — смяецца матушка Алена. — Мяне яшчэ так абурыла, што ён у цягніку камандуе ўсімі. Пайшоў да правадніцы, каб тая папсу выключыла.

Львоў. Лета. Моладзь. Пад канец пілігрымкі Андрэй прапанаваў Алене замуж.

 — Я была ў шоку. Праз 10 дзён знаёмства мяне яшчэ ніхто замуж не клікаў! — са смехам кажа матушка. — Першае, што я сказала, што я посуд не люблю мыць. «Я буду мыць! Што ты перажываеш?» Ён жартуе ці што?

Жарты жартамі, аднак Алена адчувала сябе па вушы закаханай. Напярэдадні той пілігрымкі ў манастыры рэдамптарыстаў у вёсцы Кахавіна каля Львова адзін з мінскіх парафіян складаў часовыя манаскія шлюбы. Пілігрымы з Беларусі прыехалі яго падтрымаць малітвай. Наша гераіня ўкленчыла перад іконай Маці Божай Кахавінскай:

— Я малілася, бо не ведала што мне рабіць. Толькі каб ніхто не заўважыў, што я закаханая! Можа, ён таксама ў манастыр хоча пайсці, а я тут са сваім каханнем…

Другая прапанова рукі і сэрца адбылася ў Мінску. Андрэй прыязджаў на спатканні з семінарыі з Драгічына, што ва ўсходняй Польшчы.

— Зайшлі ў краму, купілі малочныя кактэйлі і пакет булачак. Стаім на вуліцы, ядзім. Ён пытае: «Дык што пойдзеш за мяне замуж ці не?» З рэстарана побач выходзіць вяселле. Я кажу: «Ну, пайду». Ніякай рамантыкі! Я з булкамі ў руках… — не перарываецца смех маёй суразмоўцы.

На гэтым жарты ў гісторыі кахання не скончыліся. Роўна праз 10 год, у тых жа днях жніўня сужэнства Буйнічаў зноў трапіла ў Кахавіну ў складзе групы пілігрымаў. Была багаслужба, на якой ужо іншы малады хлопец складаў свае першыя манаскія шлюбы.

— Я стаяла пад той самай іконай і дзякавала, — кажа матушка. — Гэта цуд! У Госпада найлепшае пачуццё гумару. Часам глядзіш на нейкія падзеі - Ён з нас жартуе!

Алена чакала хлопца з семінарыі ажно два гады ды прывыкала да таго, што стане «матушкай». Свайго тэлефона студэнтам той установы мець нельга. Пара размаўляла праз ICQ, калі Андрэю ўдавалася трапіць у кампутарны клас. Часам бывала, што той прыязджаў на спатканне ў Мінск раніцай, а ўжо ўвечары вяртаўся ў Польшу.

Пасля ЗАГСа пара са сведкамі пасядзела ў «Макдональдзе» ды пайшла рыхтавацца да вянчання, запланаванага на наступны дзень. Сярод рэлігійных маладых людзей гэта распаўсюджаная з’ява: гасцей запрашаюць не на роспіс, а менавіта на Таінства ў храме. Да гэтага жаніх і нявеста, як правіла, не жывуць разам. Такое рашэнне зусім не даніна модзе, але давер Богу і яго запаведзям.

Маладая сям’я пачынала з пакоя ў кватэры бацькоў Алены. Неўзабаве а. Андрэя рукапаклалі на дыякана, пасля на святара ды накіравалі ў Брэст. У грэка-каталікоў, як і ў праваслаўных, жонка будучага святара мае даць пісьмовую згоду на служэнне мужа.

— Я жартавала з яго тры дні, што не падпішу. Ён нават нервавацца пачаў, — кажа матушка Алена. — Ну як жа я не падпішу? Гэта ж ягоная мара.

Паслядоўнікі ўніяцтва ў Лідзе збіраюцца на супольныя малітвы ад 1997 году. Святары прыязджалі сюды служыць з іншых гарадоў. У 2006-м гэту парафію атрымаў а. Андрэй Буйніч.

— Я жыла з двума малымі дзецьмі ў рамонце — мяне ўжо нічым не напалохаеш! — зноў з жартамі расказвае пра пераезд матушка.

Сёння сям’я Буйнічаў сябруе з суседзямі ды мае шмат знаёмых, а ўлетку ў іх двары збіраецца купацца ў надзіманым басейне ўся дзіцячая частка вуліцы. Але ў той час дзяўчыне са сталіцы спатрэбіўся час адаптавацца.

— Жывеш у горадзе: «Ой! сняжок выпаў!» Тут гэта значыць трэба ўзяць лапату і пачысціць дарожкі. Траўка вырасла — зноў касіць, — дзеліцца матушка рэаліямі тутэйшага жыцця. — Дом парафільны, але я дбаю пра яго як пра свой. …Каб хто раней сказаў, што мне спадабаецца садзіць кветкі і агароды?!

Здараюцца і смешныя выпадкі:

— Аднойчы летам Андрэй паехаў у камандзіроўку. Я спускаюся зверху, каб зачыніць дзверы, а ў капліцы сядзіць хлопец. «Ты мяне да інфаркту ледзь не давёў!» — «Я прыйшоў памаліцца». А я ж думала, што дома адна!

Калі дачка і сын пайшлі ў садок, Алена спрабавала ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Аднак у той момант у Лідзе такіх вакансій не было. Нядаўна матушка пачала працаваць страхавым агентам. Яе звычайны дзень, акрамя гаспадарчых клопатаў, складаецца з развозу дзяцей у школу, на гурткі і трэніроўкі.

— Мая мама перажывала, што я загубіла добрую кар’еру ў Мінску. Мне трэба было выбіраць паміж працай і сям’ёй. Я не шкадую. Мне добра там, дзе мая сям’я, — кажа матушка.

Як і папярэднія гераіні, Алена кажа, што ўвесь час адчувае на сабе ўвагу людзей.

— У кожнага свае ўяўленні, якім павінен быць святар, ягоная жонка і дзеці. Але нам трэба быць сабой, а не гуляць сацыяльныя ролі. Я не заўсёды ўзорна ціхамірная і пабожная. Бывае, што злуюся і раздражняюся. Матушкі - звычайныя жанчыны, усе розныя, са сваімі характарамі, — падсумоўвае матушка Алена, — Наша місія? Як і ў кожнага хрысціяніна: ісці па жыцці з Ісусам Хрыстом.

На сцяне ў калідоры побач з раскладамі заняткаў дзяцей у рамачках вісяць пасведчанні пра іх першыя споведзі. Як правіла, члены сям'і святара спавядаюцца не яму, а іншаму духоўніку. У сям'і Буйнічаў, перад ежай прынята маліцца, а ў нядзелю ўсе разам змяняюць тапачкі на чаравікі ды спускаюцца ў капліцу на Літургію.